
Пасведчанне аб занясенні на раённую Дошку гонару атрымаў у гэтым годзе і Малюшыцкі ФАП установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца». Наша гутарка — з яго загадчыкам Наталляй Іванаўнай КАРСЕКА.
— Наталля Іванаўна, бясспрэчна, медыцына — адна з запатрабаваных галін, людзі звяртаюцца да ўрачоў у выпадку хваробы і давяраюць сваё здароўе. Чаму выбралі менавіта гэтую прафесію?
— Увесь час было жаданне дапамагаць людзям. Мая цёця Марыя працавала медсястрой, і я часта назірала за яе працай. Таму вырашыла, калі вырасту, буду фельчарам. Скончыла Баранавіцкае медвучылішча і прыехала на працу ў санаторый «Сасновы бор» Івацэвіцкага раёна, а праз год — у Карэліцкі райЦГЭ памочнікам урача. Затым працавала медсястрой у дзіцячым аддзяленні Карэліцкай ЦРБ. З 2008 года — загадчык Малюшыцкага ФАПа.
— Як паказвае жыццё, акрамя трывалых ведаў, патрэбны яшчэ падтрымка і дапамога старэйшых калег па працы. У Вас быў настаўнік, які адкрываў сакрэты абранай прафесіі?
— На першым часе на ФАПе мне дапамагала Кацярына Іванаўна Бурдо, якая працавала тут доўгі час. Яна пазнаёміла з усімі сакрэтамі медыцынскай справы, гэта для мяне было вельмі важна — прыехала на працу ў сельскую мясцовасць. Да сённяшніх дзён падтрымліваем добрыя сяброўскія ўзаемаадносіны, яна цікавіцца справамі ў медыцыне і новымі зменамі, якія адбываюцца ў галіне.
— Каго абслугоўвае Малюшыцкі фельчарска-акушэрскі пункт? Ці бываюць выклікі на дом?
— На абслугоўванні Малюшыцкага фельчарска-акушэрскага пункта — 428 чалавек, з іх — 40 дзяцей да 18 гадоў, 30 чалавек з інваліднасцю першай і другой груп. Выклікі на дом бываюць частымі, раблю хворым уколы і перавязкі.
На ФАПе праводзіцца дыспансерызацыя сельскага насельніцтва.
Чысціня і парадак у медустанове — гэта старанная праца санітаркі Валянціны Аляксандраўны Гіз.
— З кім найчасцей даводзіцца супрацоўнічаць?
— Добрым дарадцам у штодзённых справах з’яўляецца кіраўніцтва Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Падтрымліваем пастаянныя сувязі з Райцаўскай амбулаторыяй урача агульнай практыкі, урачы якой аказваюць дапамогу сельскаму насельніцтву.
Падтрымлівае Малюшыцкі сельсавет і асабіста яго старшыня Віктар Аркадзьевіч Дзірвук.
— З нагоды аб’яўленага 2026-га Годам беларускай жанчыны як медык, што можаце сказаць прадстаўніцам цудоўнай паловы чалавецтва?
— У першую чаргу, берагчы сваё здароўе, штогод праходзіць дыспансерызацыю, удзяляць увагу правільнаму харчаванню, весці здаровы лад жыцця.
— Сапраўды, здароўе — каштоўны скарб, і асабліва яго пачынаеш цаніць, калі нечакана падкрадзецца хвароба. А як быць састарэлым людзям, калі ўжо гады даюць аб сабе знаць, калі сілы зусім не тыя, як у маладосці, калі жывуць у адзіноце?
— З гэтай нагоды хачу выказаць пажаданне: каб дзеці і ўнукі часцей наведваліся да бацькоў і клапаціліся пра іх здароўе. Іншы раз увага блізкіх людзей можа дапамагчы лепш за лекі.
— Вы ўсё працоўнае жыццё — сярод сельскіх жыхароў. Якія яны ў пераважнай большасці?
— Сельскія жыхары вельмі дружалюбныя. У вёсках людзі найчасцей дапамагаюць адзін аднаму. Прачнуліся — і ідуць да суседа, каб справіцца пра яго здароўе. І яшчэ вельмі працавітыя: на пенсіі прадаўжаюць увіхацца на сваіх падворках і агародах.
— Вам як медыку прыходзіцца назіраць і за здароўем дзяцей.
— Сапраўды, вельмі радасна назіраць за дзеткамі, якія калісьці былі немаўлятамі, а сёння наведваюць дзіцячы садок альбо школу. Прадаўжаю клапаціцца пра іх здароўе — гэта мой прафесійны абавязак, які стараюся выконваць добрасумленна.
— Ваша сям’я — апора і падтрымка?
— Муж Віталій Часлававіч працуе вадзіцелем медыцынскай дапамогі ў Райцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, разам ездзім на выклікі да хворых, і прафесійныя абавязкі яшчэ больш збліжаюць. Свае дарогі выбралі і дочкі: Анастасія выхавальнік дзіцячага садка, Мілана займаецца турызмам. Падрастае ўнучка Аліса. Яны — надзея і апора.
— Па Вашым меркаванні, што патрэбна жанчыне, каб адчуваць сябе шчаслівай?
— Самае галоўнае, каб было шчасце ў сям’і. Каб радавацца поспехам сваіх дзяцей і ўнукаў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ
