В Кореличах ко Дню семьи состоялся 40-й районный спортивный праздник
15 мая. 10.00. Стадыён «Юнацтва» г.п. Карэлічы. Тут сабраліся арганізатары, удзельнікі, госці культурна-спартыўнага свята, якое ладзіцца ў рамках праекта «Карэлічы — здаровы пасёлак» і з мэтай падвядзення вынікаў спартыўна-масавай работы ў калектывах фізкультуры раёна, выяўлення мацнейшых спартсменаў і каманд для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах і спартакіядзе «Залаты колас».
Гэта юбілейнае 40-е раённае спартыўнае свята, якое прымеркавана да Года народнага адзінства. Сімвалічна і тое, што яно праводзіцца ў Міжнародны дзень сям’і, якая была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця.
У праграму свята ўключаны 10 відаў спорту: валейбол, перацягванне каната, гіравы спорт, тэст Купера, лёгкаатлетычная эстафета, міні-футбол, гарадошны спорт, дартс (жаночы і сярод кіраўнікоў), стральба (мужчынская і сярод кіраўнікоў), скандынаўская хада.
З прывітальным словам выступілі старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў і загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Барэйка.
Для ўзняцця сцяга Рэспублікі Беларусь запрашаюцца майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь, 4-кратны чэмпіён свету і Еўропы па гіравым спорце Мікалай Барыла і пераможца, шматкратны прызёр абласных спаборніцтваў сярод сельскіх жыхароў Анастасія Баранава, а для ўзняцця сцяга г.п. Карэлічы — майстар спорту СССР па цяжкай атлетыцы, трэнер-выкладчык ДУ «Дзіцячая юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна», які падрыхтаваў 2 майстроў міжнароднага класа і 21 майстра спорту Рэспублікі Беларусь, Святаслаў Палуян і майстар спорту па цяжкай атлетыцы і пауэрліфтынгу, 2-кратны чэмпіён Рэспублікі Беларусь у жыме штангі лежачы Дзмітрый Бязмен.
Спаборніцтвы пачынаюцца. Гучаць цудоўныя мелодыі ў выкананні работнікаў культуры раёна. Мы прадаўжаем знаёміцца з удзельнікамі і гасцямі свята, якія ахвотна дзеляцца сваімі меркаваннямі.
Наталля КАЗАРЭЗ,
старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму:
— У свяце прымаем самы непасрэдны ўдзел. Будзем удзельнічаць у шасці відах спорту. Гэта стральба, тэст Купера, эстафета, дартс, гарадкі, скандынаўская хада. У нас дзевяць удзельнікаў на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшынёй РА РГА «Беларускі саюз жанчын» Інай Санчук. Да таго ж, работнікі культуры будуць дарыць удзельнікам мерапрыемства добрыя песні.
Вольга СТАНКЕВІЧ,
урач-кардыёлаг УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца»:
— Правядзенне мерапрыемства накіравана на выхаванне ў моладзі здаровага ладу жыцця, каб яна прывучалася да беражлівых адносін да сябе і свайго здароўя. Трэба весці здаровы лад жыцця і займацца спортам, павялічваць фізічную актыўнасць, адмовіцца ад курэння, сачыць за вагой цела і г.д. Ёсць пажаданні і людзям пажылога ўзросту: больш знаходзіцца на свежым паветры, сачыць за фізічнымі нагрузкамі, звяртацца да ўрачоў пры праходжанні штогадовых медыцынскіх аглядаў. Адным словам, здароўе — найвялікшая каштоўнасць, і трэба, каб яно не падводзіла.
Юрый МАКАР,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА «Ярэміцкі ВПК дзіцячы сад-БШ»:
— Свята праводзіцца ў 40-ы раз. Яно патрэбна, каб усе былі здаровыя, каб падтрымлівалі форму на працягу года. Мацнейшыя рыхтаваліся для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах. А яшчэ свята — гэта прапаганда здаровага ладу жыцця, прыклад для падрастаючага пакалення. Я сябрую са спортам з пятага класа — займаўся барацьбой, а з восьмага класа — лёгкай атлетыкай. З 1988 года выкладаю фізкультуру: спачатку ў ДЮСШ, а з 2003 года — настаўнік фізічнай культуры і здароўя ў школе. Лічу гэты прадмет не менш важнымі, чым астатнія, бо ён дапамагае захаваць здароўе, хлапчукам падрыхтавацца да службы ў арміі, быць заўсёды энергічнымі, актыўнымі, падцягнутымі. Сябруйце са спортам!
Святлана САНЦЭВІЧ,
старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа:
— Нашы валанцёры раздаюць чыстую пітную ваду ўдзельнікам свята, вымяраем узровень кіслароду ў крыві. Распаўсюджваем буклеты па прафілактыцы захворванняў. Прапаноўваем анкеты, якія вызначаюць рызыку неінфекцыйных захворванняў. Дапамагаюць у некаторых пытаннях валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа і валанцёры мірскага валанцёрскага атрада Чырвонага Крыжа «СТРЫЖ».
Тут жа працуюць урачы: анколаг, кардыёлаг, эндакрынолаг, фельчар-валеёлаг. Можна змераць узровень артэрыяльнага ціску, цукру ў крыві, атрымаць кансультацыю вышэй пералічаных спецыялістаў і атрымаць пазачарговы талон для даабследавання пры выяўленні паталогіі.
Алена РАМАНЧУК,
урач-валеёлаг (загадчык) аддзела грамадскага здароўя Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, галоўны пазаштатны спецыяліст па валеалогіі Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама:
— Праект «Здаровыя гарады і пасёлкі» — праект Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Гэтаму праекту больш за 30 гадоў, ён ахоплівае 1800 гарадоў з 55 краін свету. Першым да яго далучыўся г. Горкі Магілёўскай вобласці. У Гродзенскай вобласці праект з 2015 года рэалізуецца ў г. Астравец. На 1 студзеня 2021 года ў яго рэалізацыі ўдзельнічаюць 139 населеных пунктаў, у Гродзенскай вобласці — 21. У гэтым годзе да праекта далучыліся г. Гродна і г.п. Карэлічы. У 2019 годзе пачаў удзельнічаць г.п. Мір. Нагадаю асноўныя накірункі праекта: здаровае гарадское планаванне, здаровае харчаванне, папулярызацыя фізічнай актыўнасці, прафілактыка тытунекурэння, развіццё мясцовых ініцыятыў, а таксама мэту: стварэнне горада ці населенага пункта, які жыве па прынцыпах здаровага ладу жыцця, у якім насельніцтва адказна адносіцца да асабістага здароўя і маюцца ўмовы для яго захавання і ўмацавання.
Вікторыя БАЗАР,
жыхарка вёскі Кальчычы Красненскага сельсавета, маці дваіх дзяцей:
— На свята прыехала з дзецьмі Дзімай і Кірай. Удзельнічае ў спаборніцтвах мой старэйшы брат Мікалай, прыехалі падтрымаць яго.
Спорт — гэта лад жыцця. Хачу, каб дзеці раслі здаровымі. Сын шмат бегае, гуляе ў футбол. Я люблю спорт, асабліва бег. Бег — гэта здароўе і імкненне да новага жыцця. Заўсёды буду падтрымліваць дзяцей у занятках спортам.
Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў уручыў узнагароды лепшым спартсменам у розных катэгорыях, а таксама памятныя падарункі — ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі райвыканкама атрымалі спартыўныя сем’і.
Па матэрыялам раеннай газеты «Полымя»